Мне выпала шчасце тут нарадзіцца

01.09.2018

“Каб любіць свой край, трэба, перш за ўсё, яго ведаць”. Пад такім загалоўкам у нашай школе прайшоў першы ўрок новага 2018-2019 навучальнага года.

         Знаёмства з культурай, гераічнай гісторыяй і традыцыямі роднага краю – аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Без любові да малой радзімы не бывае любові да краіны ў цэлым.

         Пад час правядзення літаратурна-музычнай кампазіцыі вучні пазнаёміліся з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, прыадкрылі заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведаліся, якіх знакамітых людзей яна ўзгадавала. Любіць сваю краіну немагчыма, калі не ведаць, чым яна жыла, як жыве зараз, да чаго імкнецца. Вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ – бадай, самая галоўная наша задача.

         У план ўрока былі ўключаны музычныя творы, выкарыстаны ілюстрацыі, фотаздымкі, мультымедыйная прэзентацыя, гучалі творы беларускіх паэтаў і празаікаў.

Труцык Наталля Уладзіміраўна, класны кіраўнік 5 класа, пазнаёміла з летапісам вёскі Азарычы. У ходзе ўрока была праведзена лато “Сімволіка маёй дзяржавы”, а ў якасці рэфлексіі – віктарына “Святыні Беларусі”.

         Кабінет беларускай мовы быў аформлены па-святочнаму, а гэтаму спрыяла арганізаваная выстава вышываных ручнікоў мясцовай жыхаркі Вялюк Паўліны Васільеўны. Тут былі прадстаўлены дзяржаўная сімволіка, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, ілюстраваная карта Беларусі, выстава кніг, фотаздымкі прыроды Беларусі і вёскі Азарычы.

А.Л.Доўбыш, настаўнік беларускай мовы і літаратуры